Як Беларусь успрымаецца на захадзе? У Еўропе, асабліва ўсходняй, ёсць шмат людзей, якія разумеюць, на колькі важна існаванне незалежнай, дэмакратычнай Беларусі дзеля бяспекі кантыненту, але за акіянам, у ЗША, Беларусь практычна цалкам упісана ў зону ўплыву Расіі. Праўда, сітуацыя крыху памянялася пасля пратэстаў у 2020 годзе, Беларуссю пачалі больш цікавіцца, але да поўнага разумення яшчэ далёка. Аб гэтым, між іншым, казаў падчас свайго дакладу на факультэце прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэту доктар Антон Сайфулаеў, член аналітычнай групы «Беларусь-Украіна-Рэгіён» у Варшаўскім універсітэце.
— Той стан ведаў, які сёння знаходзіцца на Захадзе, на заходніх вучэльнях, бо мой даклад, перад усім кранаўся рэчаў акадэмічных, знаходзіцца на даволі нізкім узроўні. Знаходзіўся. Пасля дваццатага года сітуацыя трошачкі змянілася. Вельмі цяжка прабіцца паза вось гэты кантэкст, у які Беларусь заўжды ўпісваецца, усходні кантэкст. Мая тэза заключаюцца ў тым, каб гэтую Беларусь усё ж такі пераносіць, упісваць у шматлікія іншыя кантэксты – культурны, гістарычны, нацыянальны, інтэрадысцыплінарны. Асноўная задача, што я хацеў падкрэсліць у сваім дакладзе, гэта тое, каб знайсці першапрычыны таго, чаму гэтак фрагментарна і кантэкстуальна веды пра Беларусь увогуле існуюць. Каб ведаць, што дэкаланізаваць, трэба ведаць, як гэта каланізавалася, якім чынам яно сталася такім, якім ёсць.
— Здаецца, на Захадзе ўжо пагадзіліся з тым, што Беларусь знаходзіцца ў полі дзеяння Расіі і што яе адтуль не ўдасца выцягнуць.
— Ніколі не было іншага ўражання. Беларусь заўжды была часткай цывілізацыйнага поля Расіі. На Захадзе ніколі не было пераканання, што гэта нейкі незалежны моцны твор, які можа адыгрываць важныя, стратэгічная ролі - ні ў 90-ых, ні ў 2000-ых.
— Чаму іншым краінам удалося з гэтага кантэксту вырвацца, а Беларусі не? Прычына ў мове, культурным кодзе?
— Культурны код і мова – гэта, канешне, вельмі абстрактныя тэрміны. Тут гаворка ідзе больш пра нейкую прэдыспазыцыйнаць гісторыка-культурную, але таксама і перад усім не супольнасці, а пэўнага сепаратызму эліт. Гаворка пра тое, каб арганізаваць трансфер нацыянальнай ідэі беларусаў больш у еўрапейскі кантэкст, паза расійскі альбо дэкаланіяльны кантэкст. Дзеля гэтага трэба прэдыспазыцыі, якой валодаюць інтэлектуальныя і палітычныя эліты, якія ў стане запланаваць адпаведную стратэгію. На жаль, такіх прэдыспазыцый пакуль што няма.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле
Размаўляла Наталля Грышкевіч